З гэтага нацюрморта пачалася мая закаханасць у творчасць
Марка Шагала. Нават і не ведаю, што тады
зачапіла ў малюнку. Хіба што спалучэнне празрыстага сіняга з чырвоным і белым, як спалучэнне ўпэўненага спакою (сіні) з надзеяй і каханнем (белы і чырвоны). Ці звядзенне ў адным малюнку ўсяго, што так вабіла мяне ў тыя часы. Дарога, што не толькі вызначае жыццёвы шлях, але і пра надзею кажа, пра існаванне наперадзе нечага новага, яшчэ не адкрытага. Утульныя дамкі - прытулак, цеплыня, адпачынак, пэўная ахова. Конік - верны і блізкі сябар, ён і
плячо спіну па сяброўску падставіць у цяжкія хвіліны, і сагрэе зімой ці позняй восенню. Маці з дзіцём - пяшчота і падтрымка, сям'я і каханне, існаванне поруч некага блізкага і раднога, НЕадзінота. Наверсе малюнка лунае маленькі анёл, пасланец Божы, які выконвае місію звышнатуральнай аховы і клопату аб усім стварэнні. Такім чынам я дадумвала сюжэт карціны. Разумею, што мае тлумачэнні далёкія ад кананічных мастацказнаўчых, аднак, кожны з нас мае права на пэўную інтэрпрэтацыю мастацкіх твораў, калі тыя ў нечым моцна захапляюць яго.
Нацюрморт "Гладыёлусы" я ўбачыла ўпершыню на фарзацы часопіса "Юность" недзе напрыканцы 80-х ці напачатку 90-х мінулага стагоддзя. Іншыя работы майстра яшчэ даволі працяглы час заставаліся для мяне недасягальнымі. Аднак вобразы гэтага малюнка так моцна захапілі мяне, што многія з пазней убачаных работ мастака падаліся знаёмымі. Прапаную паглядзець яшчэ некалькі кветкавых нацюрмортаў Марка Шагала.
0 камент.:
Post a Comment