Monday, January 18, 2010

Вось так ён і пачаўся...

Я пра новы год. Пятага пахавалі Сяргея (у верасні яму споўнілася 21), усе разумелі, што з ягонай хваробай (міяпатыя Дюшэна) доўга не жывуць. Але ж не чакалі, што ўсё адбудзецца так хутка і нечакана. Кажуць ён аб'еўся. Блін, як гэта не справядліва казаць пра Сяргея, што ён памёр таму што аб'еўся. Сяргей еў як птушаня. Нават і гэта параўнанне не правільнае, ён амаль нічога не еў з-за хваробы кішэчніку. Напэўна ў гэтыя новагоднія святы ён дазволіў сабе кавалачак торта...

А ўчора пахавалі Інгу. Памёрла яна ў пятніцу 16 ў бальніцы, дзе правяла амаль тыдзень у рэанімацыі, дыхала праз трубачку, якую ўставілі ў трахею. У пятніцу ёй палепшала і дактары нават вырашылі перавесці яе з рэанімацыі. Яна памёрла. Інга памёрла.
Пішу і сама не магу да канца ўявіць, што гэта адбылося. З Сяргеям было прасцей, яго ад пачатку гадавалі, бы не для жыцця на зямлі. А Інга столькі ўсяго хацела і планавала. Мне ўвечары ў пятніцу пазваніла яе маці, з плачам сказала аб смерці дачкі, аб тым, што тая была ў свядомасці ўвесь час ды кінула слухаўку.  Потым я глядзела Інгавы фота, успамінала яе, спрабавала ўсвядоміць, што яе цяпер няма. У ложку плакала і малілась. Успамінала колькі разоў яна крыўдзілася на мяне, думала, што трэ’ ўважліва ставіцца да блізкіх, а то ніхто не ведае, калі мы іх страцім. Зноўку плакала. Зноўку малілася. У адной з такіх малітваў нешта адбылося. Быццам я ўбачыла (не вачыма), што яна ў святле і адрэзаная ад гэтага свету. Няма чаго плакаць, ёй добра там.

0 камент.:

Post a Comment