Monday, November 28, 2011

Мроі мройныя і мары марныя

Zhong Yang Huang
Замовілі артыкул на тэму "Дом маёй мары". Менавіта дом, не кватэра... пішу-у-у.

На гэтым малюнку амаль маемарныя французскія панарамныя вокны - ад столі да падлогі. Та-а-ак, іх не паставіш у шматкватэрным доме, але ж ў катэджы, у гасцёўні з выхадам на тэрасу яны б вельмі пасавалі. З імі пакой падаецца большым і святлейшым.

Усё мару пра вялікія і светлыя прасторы... Бо ў маім пакоі цесна і цёмна. А цяпер яшчэ электрычны ложак трэба ўпісаць у інтэр'ер. Не ведаю, як гэта зрабіць, каб мой пакой застаўся непадобным на бальнічны. Я ж тут жыву, гасцей прымаю...
На самой справе, дом маёй мары павінен быць максімальна прыстасаваным для жыцця чалавека з маімі фізічнымі абмежаванасцямі. То бок поруч з электрычным ложкам, на якім я буду мець магчымасць сама падымацца і троху варушыцца, павінен быць пад'ёмнік для перасадкі ў вазок. А самому ложку добра было б мець месца ў невялікім пакоі з вялікім вакном у сад (гэта ўжо нават не мара, а мроя). Там можна перад сном чытаць кнігі, глядзець тэлевізар (эх, мроіць дык мроіць... плазму на сцяне) ці блукаць па інэце з наўтбукам на каленях. Поруч з ложкам невялічкі столік, у куту люстра з палічкай для касметыкі. Ледзьве не забылася на шафу-купэ з аўтаматычнымі дзвярыма, каб адчыняліся з таго ж самага пульта, што і тэлевізар. :)

Акрамя спальні патрэбен прасторны кабінет-бібліятэка-гасцёўна, так бы мовіць тры ў адным. Ага, вось тут можна размесціць панарамнае вакно з выхадам на тэрасу. З мэблі толькі самае неабходнае. Кніжныя паліцы (бібліятэка ж), пісьмовы стол з кампутарам, тахта з крэсламі і невялікім столікам. Поруч з тахтой яшчэ адзін пад'ёмнік для перасадкі ў вазок. А сама тахта павінна стаяць у месцы з добрым абзорам хатняга наваколля.:)

Пра кухню нічога сказаць не магу, бо цяжка сабе ўявіць, што б я там здолела сама рабіць нават пры яе добрай механізаванасці для інвалідаў. Магчыма памыць посуд ці які-небудзь бутэрброд зрабіць.

У ванным пакоі і прыбіральні патрэбен прастор для развароту вазка і пад'ёмнікі.
Астатняе: зручныя вокны і дзьверы, пандусы на ўваходзе ў дом, адсутнасць вялікіх парогаў.
І нават пры ўсіх гэткіх вынаходніцтвах я не здолею жыць адна. Мне патрэбны блізкія людзі поруч. Пакуль яны поруч я і не ў надта прыстасаванай кватэры амаль прыстойна жыву.

0 камент.:

Post a Comment