Wednesday, December 29, 2010

R.I.P. Таццяна Сапач

таццяна сапач фота
Загінула ў аўтакатастрофе Таццяна Сапач, паэтка, журналістка і перакладчыца, маці і жонка. Яе муж Сяргей Дубавец быў першым галоўным рэдактарам адноўленай Нашай Нівы, аўтар цыклу праграм на радыё Свабода, якія потым выйшлі асобнай кнігай "Вострая брама"  - цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі.

Таццяна Сапач - мне гэтае імя вядомае з тых самых 90-х, калі я пачынала знаёміцца з сучаснай беларускай паэзіяй. Нажаль, так і не здолела набыць выдадзенны ў 1992-м годзе зборнік вершаў "Восень". Таму яе вершы старанна перапісваліся ў сшытак, каб потым не раз перачытваць уголас і адшукваць знаёмы настрой, інтанацыю.
Пра самую паэтку я мала вадала апроч яе імя ды некалькіх, трапіўшых мне ў "Крыніцы" ці "Нашай Ніве" вершаў. Але гэтага было дастаткова, каб сёння перажыць пачуццё страты. Разумею, што адчуваць блізкія і родныя паэткі. Маўчу.  Публікую вершы.

Часам мілосьці,
калі ўжо аціх лістападавы шал,
дайце мне вечар –
сыры, непагодлівы, шэры…
Восень, сястра,
апусьці залатыя заслоны –
нашага смутку
ніхто не павінен пазнаць.
Ах, гэты баль! –
пад аховаю згодных дажджоў
позьнія госьці
патрапяць прыйсьці незаўважна
і да паўночы
у лепшых уборах сваіх
хай прамаўчаць –
абы чулася музыка зьлівы.
Заўтра зіма.
Гэта сон, і спакой, і спагада.
Вам і ня варта
інакшых прытулкаў шукаць.
Дайце мне вечар!..
Я хочу апошняе слова
сёньня сказаць.

У Вільні

Блукаю па вузкiх вулках
старога роднага места
(Чаму ты ня тут, не са мною,
вялiкi крывiцкi род?) –
I кожны мой крок паўтарае
акорды жалобнай мэсы,
так, кожны мой крок,
асьцярожны крок.
О, хваля харалу,
гатовая ўздыбiць дах,
i зьмесьцi,
што помняць i славу, i здраду,
сьцены!..
З найлепшага цеста, мой Бог,
табою зьлеплены Бах.
Але, я прашу,
гавары са мною
на мове Шапэна.

***
Божа, калі Ты ўбароніш мяне ад самоты?
Божа, калі Ты пачуеш літаньні мае?
Там, за дзьвярыма –
сьцягоў і паходняў віхуры,
там, за сьцяною –
сумоўем асьлеплены сьвет…
Мне б гэтых зьменлівых ветраў глыток –
і зажыць дзеля скону,
мне б толькі скінуць каханьня гадзюку
з грудзей…
Божа, калі Ты ўбароніш мяне ад самоты?
Божа, калі Ты пачуеш літаньні мае?
Божа, калі Ты пачуеш літаньні мае,
я не паверу тады у Тваё існаваньне.

Вецер

Нізкае неба ведае нешта чорнае,
ведае нешта большае
той, хто вышэй за неба.
А я наступаю на горла
мудраму беламу вершу
і вызваляю з формы
дзікі зьвярыны крык:
я не хачу волі!
я не баюся кайданаў!
я не памру ад самоты,
мой паратунак – тут!
… Ніжэй і ніжэй – неба,
на ім – ніводнага воблака,
на ім – разьліў фіялету
там, дзе звычайна – вецер.
Вецер – вышэй за неба.

***
Дзень добры, мой самотны новы дом!
Будзь госьцяю, сястра, сяброўка – Восень,
заходзь, сагрэйся… там фатэль і плед,
і разам прычакаем белых часаў…
Пакуль ва ўладзе Сьнежня-рудафоба
не апынуўся заваконны сьвет,
згадаем словы самых сумных песень,
адновім яву самых мілых сноў.
Як соладка ўзірацца у вагонь
апошняй трапяткой пахучай сьвечкі –
і бачыць дзень мінулы і наступны,
і ведаць: наша права – зараз, тут,
і толькі так!.. І полымя ня рушыць
вялікай таямніцы напаўзмроку.
Адзіным – ноччу – стануць дол і неба.
Адзіным – жалем – станем мы з табой.

2 comments:

  1. Дзякуй Iнга за цудоуныя вершi! Ад нас зыходзяць лепшiя, на жаль...

    ReplyDelete
  2. Вялiкi жаль

    ReplyDelete