Monday, March 21, 2011

Тры вершы да дня паэзіі

Чарговы Сусветны дзень паэзіі на блоге. З яго нагоды хочацца разам з Эклезіястам вымавіць вядомае: "Сонца ўзыходзіць, і сонца заходзіць і сьпяшаецца ў месца сваё, дзе ўстае. Вее вецер на поўдзень і на поўнач вяртаецца, віруе, віхурыцца веючы, і на шлях віраваньня вяртаецца вецер". І апублікаваць некалькі любімых вершаў. Цыклічнасць.=))

Верш першы - хрэстаматыйны.

Зорка Вянера  

Зорка Вянера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла...
Помніш, калі я спаткаўся с табою,
Зорка Вянера ўзышла.


З гэтай пары я пачаў углядацца
У неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.


Але растацца нам час наступае;
Пэўна, ужо доля такая ў нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але растацца нам час.


Буду ў далёкім краю я нудзіцца.
У сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.


Глянь іншы раз на яе, -- у растанні
Там з ёй зліем мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне.
Глянь іншы раз на яе...
(Максім Багдановіч)

Ніколі не вучыла гэты верш на памяць, ён сам вывучыўся.

Верш другі - рамантычна-патрыятычны
Дзе мой край

Дзе мой край? Там, дзе вечную песьню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.


Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзьвіною, нібы карабель...
Там, дзе сэрца маё зь першым крокам, як молат, заб'ецца,
Калі б нават сьляпым і глухім я прыйшоў да цябе.


Што сьляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
І бары-акіяны, і неба - разьлівы ільноў.


Дзе мой край?
Там, дзе людзі ніколі ня будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.


Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціньнем і добрае сонца ўгары.


Там зьвіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца зь зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.


Ты - наш край.
Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх зьнічак густых фасфарычная раць,
Ты - наш сьцяг, што нікому, нікому на сьвеце, нікому
Не дамо абсьмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.


Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
І апошняй ральлёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі ня кінем,
Ня кінем,
Ня кінем цябе.
(Уладзімір Караткевіч)

Ён ведаў пра што пісаў і пісаў шчыра, бо быў вялікім рамантыкам Беларусі.

Верш трэці - сучасны (постмадэрніскі)
Песня пра беларускіх мужчын

Беларускі мужчына прыходзіць на сьвет у камарыных укусах замест радзімак
і таму добра ведае: дзе больш балотаў, там больш радзімы.


Беларускі мужчына ўмее апынуцца ў такой багне,
што адтуль ні халеры ня выцягнеш, але беларускі мужчына цягне.


Беларускі мужчына выдатна ведае дзесяць бульбяных страваў
і сто дзесяць адмазак ня чысьціць бульбы, бо мае шмат іншых справаў.


Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Эўропы, калі верыць мапе:
ў гэтым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына ляжыць на канапе.


Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.


Беларускі мужчына купляе машыну, прыгнаную з-за мяжы,
і другую палову жыцьця шчасьліва жыве зь ёй у гаражы.


Беларускі мужчына – футбольны фанат. Калі раптам заб’юць мазілы,
шматкватэрны дом патрасаюць пякельныя сілы.


Беларускі мужчына ня чуў пра паліткарэктнасьць ніколі
і таму жартуе так сьмешна, што лепей ня слухаць без алькаголю.


Кожны трэці п’е піва, другі кожны трэці – гарэлку, а трэці трэці
разумее: гарэлка бязь піва – грошы на вецер.


Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.


Беларускі мужчына падасьць жанчыне руку і набудзе кветак,
і аднойчы паабяцае не раскідваць па доме шкарпэтак!


Беларускі мужчына аматар праводзіць выходныя дома.
Часам выйдзе на дзесяць хвілін і вяртаецца ўночы. Дзе быў, невядома.


Засынае ў таксоўцы, што едзе дамоў, прачынаецца ў незнаёмым трамваі…
І нікому ня ясна, за што яго жонка трывае,


выбачае футбол і канапу, гараж і буханьне?
Беларускі мужчына – чысты аб’ект каханьня.


Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.
(Андрэй Хадановіч)

І тут праўда жыцця..))

P.S. Сусветны дзень паэзіі вырашылі адзначаць штогод 21 сакавіка на адной з сесій ЮНЭСКА ў 1999 гаду. Дзень паэзіі павінен дапамагчы прыцягнуць увагу грамадства да гэтага старажытнай і заўсёды юнай з'явы. Бо паэзія, па словах ЮНЭСКА, нясе ў сябе вялічэзны патэнцыял стаць адказам на самыя глыбокія пытанні чалавечай душы. Таму без асобнага дню тут ніяк не магло абысціся!

2 comments:

  1. Поэзия лучше, чем иные жанры выражает всю глубину наших чувств, их красоту и гармоничность. Но далеко не все, что рифмуется - поэзия. Ведь поэзия - это не форма, а еще и смысл в ней заключенный. Спасибо за прекрасные стихи.

    ReplyDelete
  2. Вы правы, форма в поэзии это далеко не все, хоть и без нее нельзя..

    ReplyDelete